СВЯТА РОДНАЙ МОВЫ
21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЕСКА больш за 10 гадоў таму. На працягу гэтага часу ўсе народы свету 21 лютага адзначаюць Дзень роднай мовы. З такой ініцыятывай выступіла Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове. Цяпер у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд ЮНЕСКА абвясціў Дзень роднай мовы – каб хоць у такі дзень на ёй загаварылі, пра яе ўспомнілі. Але, здаецца, гэта нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова.
Калі ты чуеш яе – ці то сучасную літаратурную, ці змешаную “трасянку”, ці то мясцовую дыялектную – ведай, што гэта ўсё яна – наша беларуская мова. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнана як роўная сярод іншых моў свету.
“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі…” – гэтыя словы Францішка Багушэвіча гучаць сёння як запавет. Святыня народа – мова беларуская мая.
Што такое мова? Зразумела, кожны з нас адкажа на гэтае пытанне па-рознаму, бо кожны па-свойму разумее значэнне гэтага слова. Нельга не пагадзіцца з думкай беларускага паэта Петруся Макаля:
Лёсу майго кірунак,
долі маёй выснова,
як паратунак –
матчына слова,
роднае вечнае слова!
Мы не сумняваемся, што мова можа падарыць нам шчасце і радасць. Але ж гэта здарыцца толькі тады, калі мы будзем паважаць сваю родную мову, клапаціцца пра яе дабрабыт і будучыню. На памяць прыходзіць выказванне-запавет Цёткі, якая яшчэ ў пачатку XX стагоддзя пісала: “На вас – моладзі – ляжыць вялікая павіннасць: развіваць і далей родную мову, узбагачаць свой народ знаннем і культурай”. Гэтыя радкі – наказ маладому пакаленню берагчы і захоўваць свой скарб.
Дык давайце ж будзем шанаваць і любіць сваю беларускую мову!
КАЛІ ЛАСКА
У любімай мове, роднай, наскай,
Ах, якія словы: ”Калі ласка!..”
Як звіняць яны сардэчнаю струною,
Праз усё жыццё ідуць са мною.
Трапіць госць у будзень, а ці ў свята: —
Калі ласка, калі ласка ў хату!
Не паспелі сесці пры сустрэчы,
Як патэльня засквірчэла ў печы...
Бульба, смажаніна і каўбаска,
Пакаштуйце, людцы, калі ласка!
Хлопец, кажа дарагой дзяўчыне:
- Калі ласка! Будзеш гаспадыняй!..
Эх, жыццё збудуем мы прыгожа,
Ўсе з табой нягоды пераможам.
Гром грыміць. 3 нябёсамі размова:
- Калі ласка, цёплы дождж вясновы!
І не вельмі буйны, і не рэдкі —
На сады, на пушчы, на палеткі,
На грыбы, на ягады, на кветкі...
Калі ласка! — наш зварот бясконцы.
Мы гаворым ранішняму сонцу:
- Калі ласка, сонца, выйдзі з хмары,
- Радасцю аблашчы нашы твары,
Ты ўзнімі з сабою нашы мары!
- Калі ласка! — нашай роднай мовы
Шчырыя і ветлівыя словы.
Пятрусь Броўка